У Мазыры сілавікі жорстка затрымалі пацыентку анкадыспансера проста на выхадзе адтуль, паведамляе «Гомельская вясна».

Паводле праваабаронцаў, гэта адбылося 25 чэрвеня. Відавочцы, у тым ліку іншыя пацыенты і медперсанал, былі шакаваныя ўбачаным: проста ля выхаду з дыспансера на жанчыну накінулася некалькі чалавек у поўнай амуніцыі і з дубінкамі. Схапіўшы затрыманую, яны запіхалі яе ў мікрааўтобус і павезлі.
Паводле звестак крыніц ва ўстанове, затрыманую завуць Ірына Левіна. Яна пакутуе на цяжкую форму лімфомы і праходзіла курс хіміятэрапіі. У дзень затрымання Ірына праходзіла абследаванне на тамографе, на 30 чэрвеня ў яе была прызначаная чарговая працэдура. Перапыненне лячэння можа стаць сур’ёзнай пагрозай яе жыццю. Акрамя таго, у жанчыны ёсць малагадовае дзіця.
Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманне Ірыны Левінай, імаверна, звязанае з палітычна матываванай крымінальнай справай. Як мяркуецца, затрыманне правялі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Канкрэтныя абвінавачанні пакуль невядомыя. Дома жанчыны няма, і, паводле інфармацыі крыніц у Мазыры, яна не ўтрымліваецца ў мясцовым ІЧУ. Хутчэй за ўсё, яе перавезлі ў следчы ізалятар у Гомелі.