На мінулым тыдні падчас прызначэння старшыняў райвыканкамаў Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю ў краіне ваеннай і заявіў, што народ мусіць маліцца на ўладу за тое, што «мы яшчэ не ваюем». Выкарыстанне слова «маліцца» ў гэтым кантэксце — гэта не агаворка, не простая фігура мовы, а сур’ёзны званок, які шмат што кажа пра сённяшнюю беларускую ўладу. Што менавіта? У калонцы для «Люстэрка» разважае Ірына Сідорская.
Прызначаючы 30 чэрвеня старшыняў райвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка зноў нагаварыў шмат таго, што прымушае адчуваць ужо не іспанскі сорам — а боль за сваю краіну.
Відаць, кіраўнік беларускай дзяржавы незаўважна для сябе і сваіх падначаленых перанёсся на машыне часу з 2025 года як мінімум стагоддзя на паўтара ў мінулае. Пры гэтым яшчэ і далей на ўсход. У яго ўяўленні «народ мусіць на ўладу маліцца», прыгоннае права абсалютна натуральнае і неабходнае, бо «сёння сітуацыя ваенная», якая — нават пры рэальнай адсутнасці вайны — патрабуе безумоўнага падпарадкавання і ліквідацыі ўсяго, што хаця б трошкі нагадвае альтэрнатыву.
Фраза Лукашэнкі пра «малітву на ўладу» разляцелася па ўсіх каналах. І нездарма. Гэта не агаворка, а канцэнтрат аўтарытарнага мыслення. Хоць у Беларусі замацаваная дэмакратычная форма кіравання, народа як крыніцы і суб’екта ўлады ў карціне свету Лукашэнкі няма. Затое ёсць улада і падданыя. Ад апошніх патрабуецца не проста лаяльнасць, а дэманстрацыя падзякі — у найвышэйшай ступені.
Я не думаю, што слова «маліцца» мае ў гэтым выпадку хоць нейкі рэлігійны кантэкст. Лукашэнка даўно зарэкамендаваў сябе як «праваслаўны атэіст» і выкарыстоўвае такія словы не ў тэалагічным, а ў ідэалагічным значэнні. Гэта не пра веру, а пра безумоўнае падпарадкаванне, аформленае як сакральны рытуал. «Маліцца» тут — загад не абмяркоўваць, не сумнявацца, не аналізаваць. Толькі згодна ківаць, прымаць, выконваць — і дэманстраваць удзячнасць.
Дзяржаўная прэс-служба не абмежавалася сухім пераказам разваг Лукашэнкі, яна прадставіла відэа. І на ім Лукашэнка выглядае арганічным — відаць, ён менавіта так, як апісвае, бачыць свет, нашую краіну і сваю місію. А тое, што гэты яго публічны выступ цалкам адпавядае папярэднім, — найлепшае пацверджанне гэтага.
На відэа мы бачым чалавека, які не грае ролю, а шчыра ўпэўнены ў тым, што апісваны ім парадак рэчаў — правільны і адзіна магчымы. На жаль для нас, Лукашэнка не жыве ў 2025 годзе — яго карціна свету не адпавядае ні сённяшняму, ні нават учарашняму дню. Ён не застаўся і ў тым часе, калі быў малады, засвойваў асноўныя каштоўнасці і нормы, — жыццё ў БССР 1970-х гадоў было на парадак прагрэсіўнейшым за тыя мадэлі, якія ён цяпер стварае для беларусаў. Відаць, ён сапраўды разглядае грамадзян як прыгонных. Прызначаных выключна ім самім чыноўнікаў — як праваднікоў сваёй волі. А сябе — як клапатлівага, справядлівага, але патрабавальнага гаспадара, які не проста ведае, як лепш, але няўхільна рэалізуе гэта, чаго б яно ні каштавала.
На відэа — чалавек, які глыбока перакананы ў тым, што нарадзіўся прэзідэнтам. На гэтым, дарэчы, засноўвалася «выбарчая кампанія» 26 студзеня 2025 года. Яна была пабудаваная на наратывах пра тое, што «ніякай альтэрнатывы Лукашэнку няма», што «нам, беларусам, вельмі пашанцавала, што ў нас ёсць такі лідар», што іншыя кандыдаты ў прэзідэнты альбо здымаюць свае кандыдатуры ў падтрымку «сапраўднага лідара», альбо заяўляюць пра тое, што яны балатуюцца «не замест, а разам».
Усё гэта цалкам адпавядае апісанай раней мадэлі свету. Ёсць «народжаны прэзідэнтам». Ён прайшоў няпросты шлях, набыўшы неабходныя досвед і веды, здолеў скарыстацца «акном магчымасцяў», пераканаў выбаршчыкаў у тым, што менавіта ён — іх правільны выбар. І, дабіўшыся пастаўленай мэты, зацэментаваў намёртва не толькі «вокны», але нават «форткі» магчымасцяў. Як для іншых прэтэндэнтаў, так і для альтэрнатыўных вобразаў будучыні.
Гэта і ёсць «суверэнная беларуская дэмакратыя». У ёй чалавек з народа, які валодае фенаменальнымі характарыстыкамі, пераконвае электарат у сваёй абранасці, і яго абіраюць. Для гэтага і патрэбная дэмакратыя: каб улада не належала ні манархіі, ні алігархіі, ні вайскоўцам, а была даступная чалавеку з народа. Але пасля абрання на гэтую ўладу не можа замахвацца ніхто іншы. Народ выканаў сваю функцыю — зрабіў правільны выбар. Усё, што патрабуецца ад яго далей, — ва ўсім падтрымліваць лідара, выконваць тое, што ён прапануе, і, вядома, не супраціўляцца яго рашэнням. Усе магчымыя ініцыятывы — толькі ў рамках, акрэсленых лідарам. Людзі мусяць быць удзячныя, што дзяржава стварае ім умовы жыцця. А калі ўмовы здаюцца не вельмі прывабнымі, то трэба зменшыць апетыты — бо «сітуацыя ваенная».
Гэта не дэфармацыя дэмакратыі, а яе інверсія, пярэкрут: інструменты народаўладдзя выкарыстоўваюцца для скасавання дэмакратыі. Грамадзяне — не ўдзельнікі, яны — масоўка. У 2020 годзе стала зразумела: значную частку грамадства роля масоўкі больш не задавальняе. Беларусы заявілі пра сваё права на выбар іншых мадэляў светабудовы, іншага лідара, на сваю суб’ектнасць, на тое, каб «людзьмі звацца».
Адказам сталі найвышэйшы ўзровень дзяржаўнага гвалту, прыняцце законаў, якія супярэчаць не толькі Канстытуцыі, але і ў прынцыпе праву, а таксама бесперапынныя пяць гадоў рэпрэсіі — бо наважыліся ўсумніцца ў «народжаным прэзідэнтам». Такое не даруюць.
Але вернемся да відэа. У кадры — выключна мужчыны, і гэта не выпадковасць, а адлюстраванне мадэлі, дзе жанчынам няма месца нават у дэкарацыях улады.
Усе мужчыны падобныя адзін да аднаго, у тым ліку за кошт афіцыйных цёмных касцюмаў, якія адрозніваюцца толькі ступенню сваёй якасці. Яны сядзяць вакол выцягнутага авальнага стала, цэнтральнае месца за якім займае Лукашэнка.

Указаннем на статус ёсць адлегласць ад кіраўніка дзяржавы: тыя чыноўнікі, хто размешчаны бліжэй да яго, відавочна вышэйшыя ва ўладнай іерархіі. Камунікацыя арганізаваная такім чынам, што абсалютна ясна, хто выконвае ў ёй галоўную партыю, хто асістуе, а хто знаходзіцца тут, каб слухаць — атрымліваць ўказанні, дэманстраваць увагу, лаяльнасць і пачцівасць.
Адзін гаворыць — астатнія слухаюць, робяць пазнакі, згодна ківаюць. Рытуал падкрэслівае: прамова ідзе зверху, яна не абмяркоўваецца і не дапаўняецца. Зваротная сувязь тут немагчымая, больш за тое, шкодная, бо любая самастойная думка можа быць успрынятая як сумнеў. А які можа быць сумнеў у сакральным рытуале?
Відэа паказвае, хто тут для таго, каб высоўваць ідэі і ставіць задачы, а хто — каб гэтыя задачы выконваць. Ніякіх абмеркаванняў, карэктаванняў, ініцыятывы з месцаў гэты фармат камунікацыі не прадугледжвае.
Хоць відэа досыць кароткае, у ім знайшлося месца для дзвюх перабівак, на якіх фатографы і аператары — зноў жа мужчыны, жанчын няма ў прынцыпе, нават у якасці абслуговага персаналу, — засяроджана здымаюць асноўнага выступоўцу. Гэта робіцца, каб яшчэ больш падкрэсліць яго выключнасць і важнасць усяго, што ён робіць. Усё астатняе і ўсе астатнія — элементы інтэр'еру. Менавіта так выглядае ўлада, калі яна не мае патрэбы ў народзе. Пры гэтым ён мусіць дзякаваць нават за права быць у кадры.
Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.