У пятніцу, 4 ліпеня, на YouTube-канале «Краіна для жыцця» з’явіўся відэазварот Сяргея Ціханоўскага. У ім экс-палітвязень заявіў, што яму «сорамна і балюча» за рэакцыю беларусаў на просьбу пра збор 200 тысяч еўра для «магутнага ўдару па лукашызме». Словы былога палітвязня выклікалі вострую рэакцыю часткі дэмакратычна настроеных беларусаў. У каментары «Люстэрку» экс-палітвязень адказаў на крытыку.

Сяргей Ціханоўскі заявіў, што ягоны зварот быў адрасаваны камандзе, прыхільнікам і падпісчыкам канала «Краіна для жыцця», а не ўсім грамадзянам Беларусі.
— Некаторыя беларусы ўспрынялі гэта, быццам я звярнуўся да ўсіх і ледзь не патрабаваў нешта. Не, сябры. На сваім канале «Краіна для жыцця» я звярнуўся да сваіх падпісчыкаў, да сваёй каманды — да тых, хто мяне падтрымліваў, — сказаў Ціханоўскі. — Я, як любы палітвязень, выйшаў на волю. У мяне няма ні адзення, ні гадзінніка, ні тэлефона, ні камп’ютара. Я звярнуўся, бо мне патрэбная была дапамога для старту.
Сяргей Ціханоўскі лічыць, што нізкія тэмпы збору ахвяраванняў могуць быць звязаныя з імаверным ціскам спецслужбаў Беларусі ці Расіі на краўдфандынгавую пляцоўку. З ягоных словаў, 1 ліпеня збор пачаўся на сэрвісе, зарэгістраваным на Кіпры.
— Я гэтага не ведаў, гэта зрабілі хлопцы. І ці то расійская ФСБ, ці то беларускі КДБ зрабілі туды званочак, — расказаў Ціханоўскі. — Пасля гэтага пляцоўка звязалася з намі і паведаміла: «У вас на канале палітыка». І адмовілася прымаць плацяжы. І ўсе яны затармазіліся. У тым ліку з гэтай прычыны сума была такая маленькая. Цяпер мы падключылі іншы сэрвіс — і там людзі ўжо актыўна данацяць. І ўжо сума значна большая.
Першапачаткова збор сродкаў для Сяргея Ціханоўскага і яго каманды праводзіўся праз сэрвіс Destream, які кіруецца кампаніяй, зарэгістраванай на Кіпры. Цяпер сродкі збіраюць на платформе Buy me a coffee. Яна зарэгістраваная ў США.
Былы палітвязень таксама дадаў, што ў першыя дні пасля вызвалення, у тым ліку ў момант запісу відэа, яму не былі да канца зразумелыя прычыны, з якіх беларусы могуць баяцца рабіць ахвяраванні.
— Гэта мне патлумачылі цяпер, тады я гэтага не ведаў, — сцвярджае Ціханоўскі. — У першую чаргу беларусы баяцца раскрыць свае персанальныя звесткі. Таксама людзі баяцца за сваіх блізкіх у Беларусі.
У заключэнне Сяргей Ціханоўскі падкрэсліў, што ў цэлым задаволены ўзроўнем падтрымкі і салідарнасці беларусаў.
— Падтрымка велізарная, — лічыць ён. — У каманду за першыя ж дні запісалася больш за 350 чалавек з розных гарадоў і краін. Падтрымка ёсць, і, магчыма, яна нават большая, чым была ў 2020 годзе.
Чытайце таксама