У красавіку 1917 года юная Грэйс уладкавалася на працу мары — распісваць фарбай, што свеціцца ў цемры, цыферблаты гадзіннікаў для амерыканскіх салдат. Зарплата была ў тры разы вышэйшая за звычайную, праца лічылася прэстыжнай, а радый у фарбе — цуд-элементам, карысным для здароўя. Як і сотні ці нават тысячы іншых маладых жанчын па ўсёй Паўночнай Амерыцы, Грэйс не падазравала, што іх наймаюць не толькі за спрытныя пальцы і востры зрок, але і таму, што яны — зручны расходны матэрыял. Праз гады самым смелым з работніц, якія яшчэ застануцца ў жывых, давядзецца змагацца супраць магутных кампаній, і ўсе будуць ведаць іх як «радыевых дзяўчат». Чаму гэтая гісторыя стала магчымай і ці ўдалося ім дабіцца справядлівасці? Расказваем пра тое, як пагоня за прыбыткам ператварыла цуд навукі ў інструмент забойства і як некалькі дзяўчат, што паміралі, назаўжды змянілі амерыканскае заканадаўства.
Увага, ніжэй апублікаваныя фатаграфіі наступстваў ўздзеяння радыю на арганізмы людзей. Не чытайце гэты тэкст далей, калі яны могуць быць для вас непрыемныя.
Праца мары
Калі 10 красавіка 1917 года Грэйс Фраер пераступіла парог фабрыкі United States Radium Corporation у Орынджы, штат Нью-Джэрсі, якая толькі што адкрылася, яна адчувала сябе асаблівай. Усяго чатыры дні таму ЗША ўступілі ў Першую сусветную вайну, і васямнаццацігадовая дзяўчына, двое братоў якой былі салдатамі, хацела зрабіць свой унёсак у перамогу.
Грэйс трэба было распісваць маленечкія лічбы на гадзінніках, компасах і розных вайсковых прыборах новай цуд-фарбай Undark, якая свяцілася ў цемры. Гэта было менавіта тое, што трэба салдатам у акопах — магчымасць бачыць час і паказанні прыбораў нават у апраметнай цемры, не выдаючы свайго становішча праціўніку. Праца патрабавала дакладнасці і спрыту, і маладыя жанчыны з маленькімі рукамі падыходзілі для гэтага ідэальна. Да таго ж іх было шмат на рынку працы, у той час як многія хлопцы і мужчыны адправіліся на фронт.
Праца ў US Radium была сапраўднай удачай. Тут плацілі ўтрая больш за сярэдні заробак. Роспіс цыферблатаў лічыўся «элітнай працай для бедных дзяўчат». Трапіць сюды азначала ўвайсці ў 5% самых высокааплатных работніц краіны. Зарплата мастачак па цыферблатах складала каля 18 даляраў за тыдзень супраць звычайных 5 даляраў на іншых вытворчасцях. У той час працоўных месцаў для жанчын, тым больш добрых, было не так і шмат. Таму ўладкоўвацца сюды прыходзілі цэлымі кампаніямі, з сёстрамі і сяброўкамі.

Да таго ж умовы тут былі значна прыемнейшыя, чым звычайна: чыстыя светлыя цэхі, зручныя крэслы, спакойная атмасфера. Праца няпыльная: сядзі і малюй. У параўнанні з тэкстыльнымі фабрыкамі ці кансервавымі заводамі гэта выглядала як рай. Грэйс і іншыя дзяўчаты, нанятыя той вясной — большасці было ад 14 да 20 гадоў, — лічылі сябе шчаслівіцамі.
Зіхатлівы сімвал эпохі
Радый у пачатку XX стагоддзя быў гарачай навінкай. У 1898 годзе Марыя і П’ер Кюры знайшлі гэты дзівосны элемент ва ўранавай рудзе, і ён хутка заваяваў свет. Рэчыва, якое само па сабе свяцілася блакітна-зялёным святлом і было цёплым навобмацак, здавалася сапраўдным цудам прыроды.
Радый неўзабаве ахрысцілі панацэяй ад усіх хваробаў. Амерыканскія газеты пісалі, што ён «дадасць гады да нашага жыцця». Дактары прапісвалі яго ад артрыту, туберкулёзу, рэўматызму, падагры і высокага ціску, а таксама пачалі выкарыстоўваць для лячэння раку. Лічылася, што радый павышае жыццёвы тонус у пажылых, лечыць экзэму і нават дапамагае ад бессані.
Радыевы бум ахапіў і Амерыку, і Еўропу. У аптэках прадаваліся радыевая зубная паста, крэмы для твару, мыла і тонікі. У Парыжы была папулярная касметычная лінія Tho-Radia з губной памадай і пудрай, якія змяшчалі торый і радый. Адкрываліся радыевыя спа-салоны і клінікі, дзе людзі прымалі ванны з «гаючай» вадой.
Радыевая касметыка карысталася попытам у жанчын: яна надавала скуры «цёплае і радаснае ззянне» і была празваная «вадкім сонцам». Нават прадукты, якія насамрэч не змяшчалі радыю, спрабавалі падаць сябе як радыеактыўныя — настолькі вялікі быў попыт.




Зрэшты, першыя трывожныя сігналы пра шкоду радыеактыўнасці ўжо з’яўляліся. Сама Марыя Кюры насіла ўзоры радыю ў кішэнях і пакутавала ад апёкаў на руках. Яе муж П’ер спецыяльна прывязваў радый да рукі на 10 гадзін, вывучаючы, як развіваецца рана, падобная да апёку. У 1904 годзе ад карцыномы ў выніку ўздзеяння іншага віду выпраменьвання — рэнтгенаўскага — памёр 39-гадовы амерыканец Кларэнс Далі, памочнік вынаходніка Томаса Эдысана. Апошні адразу закінуў эксперыменты, заявіўшы: «Не кажыце мне пра рэнтгенаўскія прамяні, я іх баюся. <…> Я таксама баюся радыю і палонію і не хачу з імі жартаваць».
Але гэтыя весткі не атрымлівалі шырокага рэзанансу. Радый здаваўся занадта добрым, каб быць небяспечным.
Цуд-фарба і пагоня за прыбыткам
Амерыканскі электратэхнік Уільям Хамер яшчэ ў 1907 годзе запатэнтаваў рэцэпт фарбы на аснове радыю, якая свяцілася ў цемры: яго радыеактыўныя часціцы бамбардавалі дададзеныя ў сумесь крышталі сульфіду цынку, змушаючы тыя выпраменьваць святло. А ў 1910-х доктар Сабін фон Сахоцкі, эмігрант з Аўстрыі, які атрымаў медыцынскую адукацыю ў Маскве, распрацаваў прамысловы склад рэчыва, знайшоў інвестараў і разам з яшчэ адным навукоўцам, Джорджам Уілісам, заснаваў у Орынджы кампанію па вытворчасці такой фарбы, якая пазней атрымала гандлёвую назву Undark (яго можна перавесці як «расцямніць»).

Калі ЗША ўступілі ў вайну, гэта стала залатой жылай. US Radium Corporation хутка стала найбуйнейшым пастаўшчыком святлістых гадзіннікаў і прыбораў для арміі. Па ўсёй Амерыцы і Канадзе каля 4000 чалавек атрымалі працу на прадпрыемствах, якія выпускалі такія вырабы. На фабрыцы ў адным толькі Орынджы адначасова працавала 300 дзяўчат. Паралельна іншыя кампаніі адкрылі фабрыкі па выпуску прыбораў з радыевай «падсветкай», у прыватнасці, у Атаве (штат Ілінойс) і Уотэрберы (Канектыкут). Да канца вайны ЗША выпусцілі больш за 4 мільёны святлістых гадзіннікаў для вайскоўцаў. Таксама ў ход ішлі компасы, прыцэлы, элементы прыборных дошак самалётаў і гэтак далей.
Дзяўчаты замешвалі радыевую фарбу ў невялікіх ёмістасцях проста на працоўных месцах з прадстаўленых ім інгрэдыентаў: радыевага парашку, сульфіду цынку, гуміарабіку (натуральнай камедзі) і вады. Затым тонкімі пэндзлікамі з вярблюджай воўны наносілі святлістую сумесь на маленечкія лічбы і стрэлкі — некаторыя цыферблаты былі ўсяго 3,5 сантыметра дыяметрам. За змену кожнай работніцы трэба было распісаць 250 цыферблатаў, плацілі па паўтара цэнта за штуку.
Праблема была ў тым, што пэндзлікі хутка страчвалі форму. Таму начальства навучыла дзяўчат тэхніцы «аблізнуць-акунуць-маляваць» — пасля кожных некалькіх мазкоў яны завастралі кончык пэндзля вуснамі, каб наносіць тонкую лінію.
«Нашым першым пытаннем было: гэтая штука не нашкодзіць нам? Само сабой, вы не захочаце засоўваць у рот нешта шкоднае. Але містэр Савой (менеджэр) сказаў, што гэта не небяспечна і нам няма чаго баяцца», — успамінала пазней Мэй Каберлі, інструктарка, якая вучыла гэтай тэхніцы і Грэйс. Тая расказвала, што ў фарбы не было ніякага смаку і ўсе былі ўпэўненыя ў яе бяспечнасці.

Калі ўвечары планаваліся танцы ці спатканне, работніцы маглі надзяваць на змену свае найлепшыя сукенкі, бо тыя потым свяціліся ў цемры. Ад радыевага пылу ўсе ззялі як феі, іх нават называлі «прывіднымі дзяўчатамі». Грэйс Фраер аднойчы высмаркалася пасля працы, і насоўка засвяцілася зялёным. Некаторыя дзяўчаты наносілі цуд-фарбу на твар, зубы ці пазногці, каб, напрыклад, здзівіць кавалераў сваімі зіхоткімі ўсмешкамі.
Падвойныя стандарты
Пры гэтым кіраўніцтва US Radium Corporation паводзіла сябе зусім па-іншаму. Уладальнікі і навукоўцы кампаніі, добра знаёмыя з рэальнай небяспекай радыеактыўнасці, прымалі меры засцярогі, каб сябе абараніць. Хімікі на заводзе працавалі ў свінцовых фартухах, масках і выкарыстоўвалі шчыпцы, кантактуючы з радыем. Яны ведалі, што ключавы інгрэдыент Undark выпускае выпраменьванне ў мільёны разоў інтэнсіўнейшае, чым уран.
На той час ужо існавала навуковая літаратура пра небяспеку радыю. US Radium Corporation нават распаўсюджвала брашуры для медыкаў з апісаннем патэнцыйнай шкоды гэтага рэчыва. У адной з даследчых работ кампаніі быў цэлы раздзел пад назвай «Небяспека радыю — шкодныя эфекты». Для тых, хто карыстаўся гадзіннікамі ці іншымі прыборамі, падфарбаванымі радыем, гэта не несла шкоды з прычыны нязначнай колькасці рэчыва. А вось для тых, хто кожны дзень працаваў з радыем без абароны, дыхаў яго пылам і глытаў яго раствор, — зусім іншая рэч.
Але дзяўчатам у цэхах пра гэта не казалі ні слова. Ім тлумачылі, што радый дадасць румянцу іх шчочкам, а глытанне сумесі з гаючым інгрэдыентам наогул пойдзе толькі на карысць. Работніцы былі для кіраўніцтва расходным матэрыялам: уладальнікі кампаніі, якія мелі кантракты ў Мінабароны, былі ўпэўненыя, што, нават калі нешта здарыцца, яны лёгка залагодзяць усе магчымыя праблемы: што маглі зрабіць звычайныя бедныя дзяўчаты супраць іх вялікіх грошай і сувязяў?

Тым часам вайна скончылася, але адкрыўся «цывільны» рынак, бо прадметы, што свецяцца ў цемры, сталі вельмі папулярныя. Радыевую фарбу цяпер выкарыстоўвалі не толькі на прыборах, але і на выключальніках, кнопках, лючках замкоў, рыбалоўных прынадах і нават на распяццях.
Доктар Сахоцкі ведаў пра небяспеку сваёй фарбы, але працягваў вытворчасць (хоць пачынаючы з 1921 года яго знялі з пасады дырэктара, і ён не ўплываў на рашэнні). Зрэшты, лёс не пакінуў яго беспакараным — але пра гэта пазней. А дзяўчаты-работніцы гадамі нават не падазравалі, што кожны дзень мазкамі пэндзля многія з іх падпісваюць сабе прысуд. Не падазравалі, пакуль не пачаўся кашмар.



Ад зубнога болю да гніення плоці
У 1922 годзе ў Грэйс Фраер, якая ўжо два гады як сышла з фабрыкі US Radium Corporation і цяпер працавала касіркай у банку, пачаліся дзіўныя праблемы з зубамі. Яны расхістваліся і выпадалі без усялякай прычыны. Сківіца распухла і запалілася, прыносячы пакутлівы боль. Доктар зрабіў рэнтген і выявіў жахлівае: яе сківічная костка была уся ў дробных дзірках, нібы з’едзеная моллю тканіна.
Але Грэйс была не адна. Прыкладна па ўсім Орынджы стаматолагі пачалі заўважаць падобныя праблемы з зубамі і прыкметы разбурэння сківіцы ў многіх маладых пацыентак. Адным з першых трывогу забіў дантыст з Нью-Ёрка доктар Тэадор Блюм. Пазней, у 1924 годзе, ён увядзе ва ўжытак тэрмін «радыевая сківіца».
Першай памерла былая калега Грэйс Амелія (Молі) Маджыа. Усё пачалося з моцнага болю, які пераходзіў ад зуба да зуба. Стаматолагі іх выдалялі, але лункі не гаіліся, на іх месцы з’яўляліся крывавыя і гнойныя язвы. Яны ўвесь час цяклі і жудасна пахлі. Потым пачаўся боль у канцавінах, праз які дзяўчына не магла хадзіць.

Да траўня 1922 года Молі страціла большасць зубоў, а таямнічая інфекцыя распаўсюдзілася далей. Яе ніжняя сківіца, паднябенне і нават часткі вушэй ператварыліся ў адзін вялікі абсцэс. Калі стаматолаг Джозэф Кнеф на чарговым прыёме асцярожна дакрануўся да яе сківіцы, яна проста раскрышылася ў яго руках. У выніку ён дастаў сківічную костку, проста «засунуўшы пальцы ў рот і выцягнуўшы». Праз некалькі дзён жанчыне давялося выдаліць усю ніжнюю сківіцу.
Молі літаральна развальвалася на часткі. 12 верасня 1922 года хвароба праела адну з яе ярэмных вен (знаходзяцца на шыі і адводзяць кроў ад галавы да сэрца). Рот напоўніўся крывёю, якую медсястра не змагла спыніць. У пасведчанні пра смерць 24-гадовай дзяўчыны чамусьці напісалі сіфіліс — і пазней кампанія выкарыстала гэта супраць яе.
За наступны год сур’ёзна захварэлі 50 работніц завода, яшчэ 12 — памерлі. Адна за адной калегі Молі ішлі за ёй у магілу.
Уздзеянне радыю на цела
Каб зразумець, што адбывалася, трэба ведаць, як радый паводзіць сябе ў арганізме. Калі дзяўчаты аблізвалі пэндзлікі з фарбай, радыеактыўныя часціцы траплялі ў кроў і пачыналі падарожжа па целе. Радый хімічна падобны да кальцыю (уваходзіць у тую ж групу шчолачназямельных металаў), таму арганізм успрымае яго як будаўнічы матэрыял для костак і адпраўляе наўпрост у шкілет. Але замест умацавання костак радый пачынае разбураць іх знутры, ператвараючы ў падабенства сотаў. Кожную секунду атамы радыю распадаюцца, выпускаючы смяротныя альфа-часціцы, якія літаральна выпальваюць касцявую тканку, робячы ў ёй мікраскапічныя дзіркі.
Пры гэтым, атрымаўшы вялікую дозу радыю, косткі літаральна пачыналі свяціцца. Некаторыя дзяўчаты здагадваліся пра праблемы, выпадкова убачыўшы сябе ў люстэрку пасярод ночы: там адбівалася прывідная фігура, што выпраменьвала ненатуральнае святло.
Радый атакаваў дзяўчат па ўсім целе. У адной сківіцу з’ела да «бездапаможнага абрубка». Ногі скарачаліся і ламаліся без усялякай прычыны. Развіваліся велізарныя саркомы — ракавыя пухліны костак, якія маглі вырасці дзе заўгодна, ад сківіцы да ног. Адна працаўніца, Ірэн Ла Порт, памерла ад масіўнай пухліны ў тазе — памерам «больш за два футбольныя мячы». У Грэйс Фраер пачаліся праблемы з пазваночнікам.

Радый таксама руйнаваў касцявы мозг, выклікаючы цяжкую анемію (спынялася выпрацоўка крывяных цельцаў), лейкемію і іншыя паражэнні крыві. Мастачкі па цыферблатах сутыкаліся з катарактай, праблемамі з менструацыяй і бясплоддзем. Толькі пазней медыкі зразумелі, што ўсё гэта былі праявы радыяцыйнай хваробы.
А самае страшнае — радый немагчыма было вывесці з цела. Пазней нават сама Марыя Кюры, даведаўшыся пра лёс «радыевых дзяўчат», з горыччу канстатавала: «Я не бачу для іх надзеі <…>, няма абсалютна ніякіх сродкаў знішчыць гэтае рэчыва, калі яно трапляе ў чалавечы арганізм».
Утойванне і хлусня
На просьбу чыноўніка з Дэпартамента аховы здароўя Орынджа Ліга спажыўцоў у Нью-Джэрсі пачала расследаваць падазроныя смерці чатырох супрацоўніц радыевай фабрыкі паміж 1922 і 1924 гадамі. Афіцыйна прычынамі запісвалі сіфіліс, атручанне фосфарам і язвы поласці рота. Кіраўніцтва арганізацыі наняло экспертаў па статыстыцы і Эліс Гамільтан, спецыялістку па пытаннях здароўя работнікаў з Гарвардскага універсітэта, каб вывучыць праблему.
US Radium Corporation адмаўляла любую сувязь з хваробамі работніц амаль два гады. Дактары і стаматолагі доўгі час ішлі насустрач магутнай кампаніі, якая плаціла ім, і ўтойвалі дадзеныя. Але калі чуткі пачалі шкодзіць бізнесу, у сакавіку 1924 года прэзідэнт карпарацыі Артур Родер заказаў прыватнае даследаванне. Ён наняў мужа і жонку Сесіла і Кэтрын Дрынкер з Гарвардскай школы грамадскай аховы здароўя для вывучэння ўмоваў на сваіх заводах.

Дрынкеры абследавалі прадпрыемствы US Radium Corporation і пратэставалі супрацоўнікаў. У большасці выявіліся незвычайныя станы крыві. Галоўны хімік кампаніі доктар Эдвін Леман, які прывык працаваць з радыем голымі рукамі, пакутаваў ад язваў на скуры, а неўзабаве памёр ад анеміі. У чэрвені 1924 эксперты прадставілі заключэнне: большая частка персаналу кампаніі, асабліва мастачкі па цыферблатах, атрымалі патэнцыйна смяротныя дозы радыяцыі. «Узоры пылу, сабраныя ў працоўным памяшканні, <…> свяціліся ў цемры. Валасы, твары, рукі, шыі, сукенкі, ніжняя бялізна, нават гарсэты мастачак свяціліся», — гаварылася ў справаздачы. У ёй былі і рэкамендацыі, якія меры неабходна прыняць, каб засцерагчы работнікаў.
Родэр раз’юшыўся і адхіліў усе высновы. Даклад Дрынкераў быў неадкладна пахаваны, публікаваць яго кампанія забараніла пад пагрозай суда. Больш за тое, прэзідэнт кампаніі напісаў уласную версію справаздачы: прыбраў адтуль усю інфармацыю пра небяспеку і хваробы і цалкам змяніў высновы, упісаўшы, што «кожная дзяўчына знаходзіцца ў выдатным стане здароўя». Падроблены даклад ён адправіў у Дэпартамент працы Нью-Джэрсі.
Адначасова US Radium Corporation разгарнула кампанію па дыскрэдытацыі пацярпелых дзяўчат. У 1925 годзе кампанія арганізавала медагляд Грэйс Фраер. Да яе прыехалі Фрэдэрык Флін, нібыта спецыяліст з Калумбійскага ўніверсітэта, і яго «калега». Флін даў заключэнне, што са здароўем Грэйс ўсё «гэтак жа добра, як з маім уласным». Пазней высветлілася, што ён наогул не меў медыцынскай ліцэнзіі, быў прамысловым таксіколагам на зарплаце ў US Radium Corporation. А яго «калега», які пацвердзіў дыягназ, аказаўся віцэ-прэзідэнтам кампаніі. Кіраўніцтва дайшло да таго, што абвінавачвала жанчын, што паміралі, у тым, што яны хворыя на сіфіліс, каб зганьбаваць іх рэпутацыю.

Падман выкрылі толькі ў красавіку 1925 года, калі Эліс Гамільтан, якая вывучала праблему для Лігі спажыўцоў, праз знаёмых у гэтым таварыстве даведалася пра тое, якая менавіта версія справаздачы Дрынкераў пра фабрыку трапіла да ўладаў Нью-Джэрсі. І расказала пра гэта яе аўтарам, якіх ведала з Гарварда. «У іх ёсць копія вашай справаздачы, і ў ёй гаворыцца, што кожная дзяўчына знаходзіцца ў выдатным стане. Няўжо Родэр мог пайсці на падробку справаздачы ад вашага імені?» — пісала яна Кэтрын Дрынкер.
Атрымаўшы доказы падману, Дрынкеры праігнаравалі пагрозы судовага пазову і апублікавалі сваю сапраўдную справаздачу ў жніўні 1925-га. У тым самым годзе сваё першае абследаванне хворых дзяўчат правёў і апублікаваў доктар Гарысан Мартланд, галоўны судмедэксперт акругі Эсэкс. Ён змог вымераць узровень радыеактыўнасці ў касцях работніц і ў выдыханым імі паветры і даказаў сувязь паміж радыем і сімптомамі (з ім працавалі і іншыя навукоўцы). Мартланд склаў і «спіс вырачаных» — пералік усіх, хто атрымаў апраменьванне. Так, нягледзячы на спробы радыевай індустрыі дыскрэдытаваць высновы навукоўцаў, ім удалося выявіць механізм атручання і даказаць віну фабрыкі.

Два гады ў пошуках адваката
У тым самым 1925-м Грэйс Фраер наважылася падаць у суд на US Radium Corporation, але спатрэбіліся цэлыя два гады, каб знайсці адваката, гатовага ўзяцца за справу. Магутная радыевая карпарацыя з яе грашыма і сувязямі палохала юрыстаў. Да таго ж існавала сур’ёзная прававая праблема: тэрмін іскавай даўнасці для такіх прэтэнзій да працадаўцаў у Нью-Джэрсі складаў усяго два гады. Грэйс даўно звольнілася з завода, і фармальна час для падачы пазову скончыўся.
Але Фраер была дачкой прафсаюзнага актывіста і не збіралася здавацца. Яна разумела, што змагаецца не толькі за сябе. «Я думаю не пра сябе, а пра сотні дзяўчат, для якіх гэта можа стаць прыкладам», — казала яна.
Нарэшце ў 1927 годзе малады адвакат з Ньюарка Рэйманд Беры згадзіўся прадстаўляць яе інтарэсы. Да пазову далучыліся чатыры іншыя былыя работніцы: Эдна Хасман, Кэтрын Шаўб і сёстры Альбіна Ларыс і Куінта Макдональд. Кожная патрабавала 250 тысяч даляраў кампенсацыі — астранамічную на тыя часы суму.
Бэры настойваў на тым, што тэрмін даўнасці мусіць вылічацца не з моманту звальнення, а з часу, калі жанчыны даведаліся пра сапраўдную прычыну сваіх хвароб. Адвакат абвінаваціў US Radium Corporation у наўмысным утойванні інфармацыі і дэзінфармацыі, праз што работніцы не маглі падаць пазоў своечасова.

Справа хутка ператварылася ў медыясенсацыю. Прэса ахрысціла пяць жанчын «радыевымі дзяўчатамі». Журналіст Уолтэр Ліпман з уплывовай тады газеты New York World напісаў шэраг артыкулаў у іх падтрымку.
Тым часам медыцынскія эксперты працягвалі збіраць доказы. Стаматолаг Джозэф Кнеф успомніў пра Амелію Маджыа, якая памерла ў 1922 годзе ад нібыта сіфіліса. Тая была сястрой пазоўніц Ларыс і Макдональд. У дантыста захавалася сківічная костка дзяўчыны, якую ён калісьці выдаліў. Кнеф загарнуў яе ў плёнку для зубных здымкаў на тыдзень, а потым праявіў яе. Костка так засвяціла плёнку, што быў відавочны велізарны ўзровень радыяцыі. Гэта пацвердзіў і электраскоп (прымітыўны прыбор, якім выяўлялі выпраменьванне ў той час).
16 кастрычніка 1927 года на афіцыйны запыт сясцёр і адваката цела Амеліі эксгумавалі. Даследаванне пацвердзіла: яе косткі былі высокарадыеактыўнымі. Дзяўчына памерла не ад сіфілісу, а ад радыевага атручання — той самай хваробы, што цяпер забівала яе сясцёр.

Суд перад тварам смерці
У час першага судовага паседжання ў студзені 1928 года стан пяці «радыевых дзяўчат» быў жахлівым. Ні адна з іх не магла падняць руку для прынясення прысягі — настолькі разбурыліся іх косткі. Дзве жанчыны наогул маглі толькі ляжаць. Прыгажуня Грэйс Фраер не магла хадзіць без падтрымкі, страціла ўсе зубы і насіла сталёвы гарсэт, бо яе пазваночнік сплюшчыўся. Стан астатніх быў не лепшы. Дактары давалі ім не больш за чатыры месяцы жыцця.
Наступнае слуханне прызначылі на красавік, але на той час жанчыны былі ўжо занадта хворыя, каб з’явіцца ў суд. А вось сведкі ад US Radium Corporation адчувалі сябе выдатна — іх адвакаты, відавочна каб зацягнуць разгляд справы, дабіліся адтэрміноўкі, заявіўшы, што кліенты будуць «на вакацыях у Еўропе» ўсё лета і не змогуць удзельнічаць у працэсе. Неверагодна, але гэта было прынята як «паважлівая прычына», і суддзя адклаў справу да верасня.
Такое рашэнне выклікала буру грамадскага абурэння. Уолтэр Ліпман напісаў гнеўны артыкул: «Гэта праклятая пародыя на правасуддзе <…>. Няма ніякіх апраўданняў для такой затрымкі. Жанчыны паміраюць. Калі калі-небудзь справа і патрабавала хуткага судовага разбіральніцтва, то гэта справа пяці скалечаных жанчын, якія змагаюцца за некалькі няшчасных даляраў, каб палегчыць свае апошнія дні на зямлі». У іншым артыкуле ён назваў тое, што адбываецца, «бессардэчным, несправядлівым і жорсткім».

Абурэнне публікі прымусіла суд усё ж перанесці слуханне на пачатак чэрвеня 1928 года. Але за некалькі дзён да гэтага адвакат пазоўніц і US Radium Corporation дамовіліся пра пазасудовае ўрэгуляванне з дапамогай «незалежнага медыятара» — федэральнага суддзі Уільяма Кларка (як пазней высветлілася, ён быў акцыянерам карпарацыі). Пацярпелыя жанчыны былі вымушаныя пайсці на гэты крок, бо іх стан быў настолькі цяжкім, што ўжо не дазваляў чакаць (а цяжбы маглі расцягнуцца яшчэ на месяцы і гады).
У выніку кожная з пяці «радыевых дзяўчат» атрымала кампенсацыю памерам усяго толькі 10 000 даляраў (каля 188 000 на цяперашнія грошы), пакрыццё ўсіх медыцынскіх і юрыдычных выдаткаў плюс пажыццёвую штогадовую пенсію ў 600 даляраў (11,3 тысячы сёння).
Праўда, гэтыя пенсіі US Radium Corporation выплачвала нядоўга. 34-гадовая Куінта Макдональд памерла ўжо ў тым самым, 1929 годзе. Грэйс Фраер і Кэтрын Шаўб — у 1933-м (першай было 34, другой — 30 гадоў). Эдна Хасман дажыла да 1939 года і памерла ва ўзросце 37 гадоў. Даўжэй за ўсіх пражыла Альбіна Ларыс — да 1946-га, памёршы ў 51 год.
Але, прынамсі, пра іх справу даведалася ўся краіна. І жанчыны сталі прыкладам для іншых дзяўчат з падобных заводаў, якія вырашылі змагацца за свае правы.
Бітва ў Ілінойсе
У Атаве, штат Ілінойс, работніцы завода Radium Dial, аналагічнага фабрыцы ў Орынджы, з жахам чыталі газетныя зводкі пра суд у Нью-Джэрсі. «На заводзе праходзілі сходы, якія межавалі з бунтамі», — успамінала супрацоўніца Кэтрын Вулф. «Холад страху быў настолькі гнятлівым, што мы ледзь маглі працаваць».

Але Radium Dial узяў прыклад з US Radium Corporation і адмаўляў адказнасць. Хоць медтэсты даказвалі радыевае атручанне, кампанія хлусіла пра вынікі і нават размясціла рэкламу ў мясцовай газеце: «Калі б у нас былі падставы лічыць, што ўмовы працы пагражаюць здароўю супрацоўнікаў, мы б неадкладна спынілі працу». Калі работніцы пачалі паміраць, прадстаўнікі фірмы кралі іх радыеактыўныя косткі падчас ускрыццяў.
Кэтрын (на той час замужняя Донах’ю, маці дваіх дзяцей) і іншыя пацярпелыя вырашылі судзіцца. У 1935 годзе яны прайгралі першы працэс праз заканчэнне тэрміну даўнасці. Супраць іх былі нават мясцовыя жыхары: у разгар Вялікай дэпрэсіі і беспрацоўя яны асуджалі жанчын за барацьбу супраць адной з нямногіх яшчэ дзейных у рэгіёне кампаній. Але тыя не здаваліся.
У ліпені 1937 года жанчыны нарэшце дабіліся слухання ў прамысловай камісіі Ілінойса. Radium Dial на той час закрыла завод у Атаве і пераехала ў Нью-Ёрк, заявіўшы, што ранейшай кампаніі не існуе, а цяперашняя не нясе за яе адказнасці. Але адвакат Леанард Гросман, які прыняў справу за два дні да слухання і працаваў бясплатна, змог павярнуць яе на карысць пацярпелых.
Стан Кэтрын катастрафічна пагаршаўся: яна страціла палову вагі, у яе выпадалі кавалкі сківіцы, і яна амаль не магла есці. Як калісьці Молі Маджыа, яна страціла зубы і ўвесь час трымала ля рота хустку, якой прыбірала гной. У 1938 годзе ў яе на сцягне развілася ракавая пухліна памерам з грэйпфрут. Падчас працэсу знясіленая Донах’ю (яна важыла 32 кг) пачула ад доктара, што не выжыве, і страціла прытомнасць. Слуханне працягнулі ў яе дома.

Увесну 1938 года Прамысловая камісія вынесла рашэнне на карысць жанчын. Але Radium Dial падала шматлікія апеляцыі, якія дайшлі да Вярхоўнага суда ЗША. Кэтрын дажыла толькі да таго, каб даведацца пра адхіленне першай апеляцыі. Яна памерла 27 ліпеня 1938 года — на наступны дзень пасля падачы чарговага пратэсту кампаніі.
23 кастрычніка 1939 года Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць новую апеляцыю Radium Dial, канчаткова замацаваўшы перамогу работніц. Праўда, яна дала ім няшмат — некаторыя атрымалі ўсё тыя ж 10 000 даляраў, некаторыя — зусім нічога.
Нямарная гібель
Барацьба «радыевых дзяўчат» назаўжды змяніла амерыканскае працоўнае права. Іх выпадкі сталі аднымі з першых, калі кампанію прызналі адказнай за здароўе супрацоўнікаў. Да гэтага працадаўцы практычна не неслі адказнасці за прафесійныя захворванні, якія развіваліся ў выніку працы на прадпрыемстве.
Справы ў Нью-Джэрсі і Ілінойсе стварылі прававы прэцэдэнт — увялі права работнікаў падаваць у суд на карпарацыі за шкоду ад працоўных злоўжыванняў (раней такія пазовы амаль не мелі шанцаў — лічылася, што працаўнік сам адказвае за сваю бяспеку). Пачалася чарада рэформаў у галіне працоўнага права.
У 1949 годзе Кангрэс ЗША прыняў закон, які зрабіў усе прафзахворванні кампенсавальнымі і падоўжыў тэрміны пазоваў па такіх справах. Быў уведзены прынцып, паводле якога работнік мог атрымаць кампенсацыю, нават калі хвароба праявілася праз гады пасля звальнення.

Справы «радыевых дзяўчат» прывялі да ўсталявання асноваў стандартаў прамысловай бяспекі і паказалі важнасць незалежных медыцынскіх праверак умоваў працы. Кампаніі абавязалі папярэджваць работнікаў пра прафесійную рызыку.
Звесткі, атрыманыя падчас вывучэння трагедыі, сталі базай для нормаў радыяцыйнай бяспекі. Вымярэнні, праведзеныя ў 1933-м на 27 былых мастачках па цыферблатах, дапамаглі ў 1941 годзе вызначыць дапушчальныя дозы апраменьвання для работнікаў.
Жудасная вымушаная ахвяра «радыевых дзяўчат», прынамсі, не была марнай — яна выратавала тысячы людзей ад такой долі ў будучыні.
Трэск над магіламі
Сам радый розныя кампаніі працягвалі выкарыстоўваць для афарбоўкі цыферблатаў да канца 1960-х гадоў, але ўжо з захаваннем строгіх мер бяспекі. Мастачкі больш не аблізвалі пэндзлікі і атрымлівалі ахоўны рыштунак. Да 1970 года падлічылі, што ў абароце знаходзілася больш за 10 млн гадзіннікаў з цыферблатамі, падсветленымі радыем. Пасля ўвядзення новых стандартаў на такіх вытворчасцях не было ніводнага выпадку радыевага атручання, што відавочна даказала: гібель дзяўчат у 1920−1930-х гадах можна было лёгка перадухіліць.

За іх смерці нікога не асудзілі, але іронія лёсу не пашкадавала ініцыятара вытворчасці фатальнай фарбы. Доктар Сабін фон Сахоцкі, стваральнік Undark, памёр у лістападзе 1928 года ад апластычнай анеміі. Радыевае атручанне ў яго арганізме выпадкова выявіў доктар Мартланд у 1925 годзе, калі рыхтаваў тэсты для жанчын, што падалі ў суд. Сахоцкі доўга адмаўляў, што хворы, але радый дзейнічаў па-рознаму: у жанчын ён руйнаваў касцявую тканку, а ў яго — касцявы мозг (гэтак жа, як раней у яго хіміка Лемана). Сахоцкі стаў 16-й вядомай ахвярай уласнай прыбытковай ідэі.
Дакладная колькасць ахвяр сярод работніц невядомая дагэтуль: ніхто іх не лічыў. З 4000 супрацоўнікаў, нанятых на радыевыя фабрыкі ў ЗША і Канадзе, магчыма, сотні ці тысячы пацярпелі і памерлі ад наступстваў атручання. Вядомыя ў асноўным толькі тыя, хто дайшоў да судоў (напрыклад, аўтар кнігі на гэтую тэму называе 17 чалавек), а многія іншыя пацярпелыя так і засталіся безыменнымі. Некаторыя паміралі праз дзесяцігоддзі — апошнія памерлі ў 1950−60-х гадах.

Нават пахаваныя «радыевыя дзяўчаты» працягваюць «свяціцца» дагэтуль: радыеактыўны элемент па-ранейшаму застаецца ў іх касцях. У 1987 годзе The New York Times пісала, што калі паднесці лічыльнік Гейгера да магіл тых, хто зазнаў самае моцнае апраменьванне, то стрэлка прыбора здрыганецца. Перыяд паўраспаду радыю — 1600 гадоў, а значыць, нічога не зменіцца яшчэ доўга. І сёння, праз стагоддзе пасля першых смерцяў, і заўтра лічыльнік над магіламі дзяўчат будзе выдаваць той самы трэск.
Чытайце таксама


